Гэтая алея з'явілася ў горадзе перад святам беларускага пісьменства, які праходзіў тут у 2012 годзе. Падобнай алеі ў беларускіх гарадах няма. І, здаецца, не толькі беларускіх. Яшчэ адна адметнасць гэтай алеі - яна размешчана на месцы, дзе да 2012 года стаяў помнік Леніну.
Пачынаецца алея з бюста Іосіфу Корсаку, ваяводу Мсціслаўскаму. У XVII стагоддзі на яго сродкі былі пабудаваны пяць храмаў, два з іх - касцёл і праваслаўны сабор - і цяпер стаяць у Глыбокім, непадалёк ад гэтага помніка.
Помнік Ігнату Буйніцкаму - заснавальніку першага беларускага прафесійнага тэатра, таленавітаму рэжысёру і акцёру. Ён нарадзіўся ў вёсцы Празарокі на Глыбоччыне.
Бюст Вацлаву Ластоўскаму, ураджэнцу Глыбоччыны, беларускаму грамадскаму і палітычнаму дзеячу. Вацлаў Ластоўскі вядомы таксама як літаратар, этнограф, гісторык.
Затым ідзе бюст Язэпу Драздовічу, аднаму з самых вядомых беларускіх мастакоў. Пры жыцці ён быў неацэнены сваімі сучаснікамі, а цяпер яго карціны ведаюць далёка за межамі Беларусі. Язэп Драздовіч таксама пісаў і літаратурныя творы, нарысы па гісторыі, астраноміі, этнаграфіі.
Эліязер Бэн-Ягуда нарадзіўся ў суседніх Лужках, аднак у Глыбокім ён вучыўся, з Глыбокага ён абраў сабе жонку. Пасля смерці жонкі ён ажаніўся на яе роднай сястры. Эліязер Бэн-Ягуда вядомы ва ўсім свеце як бацька сучаснага іўрыту.
Бюст Пятру Казлову, савецкаму вайскойцу, генерал-лейтэнанту, Герою Савецкага Саюза, які нарадзіўся ў 1893 годзе непадалёк ад Глыбокага.
Помнік Алесю Дубровічу, паэту з Глыбоччыны, які быў расстраляны гітлераўцамі ў лістападзе 1942 года.
Ёсць на алеі і помнік знакамітаму авіяканструктару Паўлу Сухому. У 1895 годзе ён нарадзіўся ў Глыбокім у сям'і настаўніка. Зараз у Глыбокім яго імя носіць адна з школаў, на ўездзе ў горад у яго гонар усталяваны помнік-самалёт.
Помнік Юрыю Сабалеўскаму усталяваны на алеі пазней астатніх - у 2014 годзе, калі горад святкаваў сваё 600-годдзе. Юрый Сабалеўскі - заснавальнік беларускай школы геатэхнікі, адзін з распрацоўшчыкаў праекта будаўніцтва мінскага метро.
Комментариев нет:
Отправить комментарий