4/14/2018

За мінулы год у Глыбоцкім раёне памерла амаль у два разы больш людзей, чым нарадзілася

Такія лічбы на мінулым тыдні агучыла намеснік кіраўніка раёна па сацыяльных пытаннях Таццяна Тарасевіч на семінары-нарадзе, што прайшла на мінулым тыдні ў гарадскім Доме культуры.


Па яе словах, у 2017 годзе ў Глыбоцкім раёне нарадзілася 367 дзяцей, а памерла 661 чалавек. За сем гадоў насельніцтва раёна скарацілася на 12 тысяч чалавек і зараз складае 37 тысяч. 

Гарадское насельніцтва зараз складае ў раёне большасць, яго доля ўзрасла да 56,8%. Жанчын у раёне пражывае больш, чым мужчын, яны складаюць 51,8% ад усяго насельніцтва.

Ад 2008 года на Глыбоччыне ўзрастае колькасць пенсіянераў, у той час як колькасць працаздольнага насельніцтва змяншаецца. Зараз на тысячу працуючых у раёне прыходзіцца 775 пенсіянераў. Гэта ў сваю чаргу павялічвае нагрузку на пенсійны фонд і не дазваляе выплочваць пенсіянерам дастойную пенсію.

Асноўная прычына такой дэмаграфічнай сітуацыі, па словах Таццяны Тарасевіч, гэта п’янства і алкагалізм, якія найбольш распаўсюджаныя ў сельскай мясцовасці. За мінулы год у раёне 15 чалавек скончылі жыццё самагубствам, 12 чалавек атруціліся няякасным алкаголем. Прычым восем чалавек з гэтых дванаццаці – людзі працаздольнага ўзросту.

Дакладчыца ўсё ж не назвала галоўную прычыну такога дэмаграфічнага стану – гэта адсутнасць нармальнай працы ў раёне, за якую чалавек можа атрымліваць дастойную зарплату. Таму насельніцтва раёна змяншаецца не толькі таму, што людзі паміраюць, але і таму, што моладзь з раёна з’язджае ў вялікія гарады і за межы краіны. 


Комментариев нет:

Отправить комментарий