15 лютага 1989 года апошні батальён абмежаванага кантынгенту
Савецкай Арміі быў выведзены з Афганістана, але падзеі афганскай вайны яшчэ
будуць доўга хваляваць ваенных, вучоных-гісторыкаў, палітыкаў, грамадзянскую супольнасць.
Пасля Вялікай Айчыннай, вайна ў Афганістане з'яўляецца
найбольш драматычнай старонкай гісторыі з удзелам савецкіх салдат. Праз
афганскую вайну прайшло больш за паўмільёна салдат і афіцэраў. Тысячы
вайскоўцаў аддалі свае жыцці, выконваючы
прысягу і салдацкі абавязак.
Сярод іх і нашы глыбачане, ураджэнцы Глыбоцкага раёна.
Глыбоцкая раённая бібліятэка падрыхтавала зборнік "Афганістан
– гераізм. Афганістан – боль. Афганістан – памяць". Асноўная мэта дадзенай
кнігі – аддаць даніну павагі землякам, якія з гонарам выканалі абавязак
Салдата. Увекавечыць памяць тых, хто
загінуў на той вайне, тых, хто вярнуўся з яе жывым, і тых, хто памёр ужо пасля заканчэння ваенных
падзей. Пакінуць у гісторыі раёна і памяці нашчадкаў імёны “афганцаў”, якія паводле месца нараджэння ці пражывання звязаны з горадам
Глыбокае і Глыбоцкім раёнам.
У зборнік
уключаны 173 імёны былых вайскоўцаў, якія маюць статус “воіна-інтэрнацыяналіста”. Нашы землякі маюць 71 баявую
ўзнагароду, усе ўзнагароджаны медалямі “Ад удзячнага афганскага народа” і “Воіну-інтэрнацыяналісту”. 11 чалавек былі параненыя або кантужаныя, многія перанеслі хваробы.
Выданне падрыхтавана на аснове дакументаў, прадстаўленых
Глыбоцкім райваенкаматам, кароткіх біяграфій, успамінаў удзельнікаў вайны і іх
сваякоў, асабістых фатаздымкаў.
Матэрыял размешчаны ў алфавітным парадку прозвішчаў. У зборнік таксама ўключаныя артыкулы з перыядычнага друку, прысвечаныя
воінам-інтэрнацыяналістам.
Прадстаўленыя
ў выданні персанальныя звесткі могуць быць няпоўнымі або утрымліваць
недакладнасці. Спіс землякоў, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак, будзе
папоўняцца, бо многія з іх жывуць за тэрыторыяй Віцебскай вобласці
і Беларусі.
З мэтай дапаўнення і ўдакладнення
інфармацыі пра воінаў-інтэрнацыяналістаў, просім адгукнуцца тых, хто валодае
адпаведнымі звесткамі. Будзем удзячныя за дапамогу. Тэл. / Факс: 8 (02156)
2-12-35, 2-17-74; email: biblglub@telegraf.by
Дзякуй усім афганцам, хто не адмовіўся ад размовы,
падзяліўся ўспамінамі, даў свае фота. Мы ўпэўненыя, што вашы імёны ўжо не забудуцца, яны застануцца ў
гісторыі нашага раёна! Вашыя дзеці і ўнукі будуць ведаць, што вы былі
сапраўднымі мужчынамі, годна перанеслі ўсе цяжкасці ваеннай службы.
Паводле сайта Глыбоцкай
раённай бібліятэкі
Комментариев нет:
Отправить комментарий